Ryhor Baradulin(also: Rygor Borodulin)(Рыгор Іванавіч Барадулін)(contemporary poet and translator; born: February 24, 1935)Photo Credit: Belaruskaya Mova: Entziklapediya, edited by Mikhevich, A. Ya., et. al. (1994); page 73. |
|
Note: The Lacinka and Cyrillic Belarusian on this page is in Unicode (UTF-8) font encoding.
Вольна ўздыхнула вечнасць, зірнуўшы на ранішнюю веліч хараства, якое ацаліла яна, пакінула хараство, каб грэць сваю халаднаватую душу.
Вятры – пастухі збродлівых часінаў паснедалі ўсмешкаю, выдыхнуўшы віракружнае найменне – Вільня.
Вільня – гэта вышыня аратайнай, ваярскай і дойліднай моцы, якая панавіта запрасіла жывыя камяні на момант застыгнуць і задумацца, ці яны выраслі з зямлі, ці прыляцелі, як апалыя зоркі.
Вільня – гэта глыбіня крывіцкага духу прадоннага, як неба, неспасціжнага, як само жыццё.
Вільня – гэта вільчак аблачыстай страхі, дзе віюць гнёзды свае ластаўкі вёснаў, што прылятаюць, каб маладзіць і знадзейваць даўніну, шчабятаць па-ўнучынаму дзядулю Космасу пра забытае.
Некалі Напалеон, пабачыўшы касцёл святое Ганны, ашаломлена сказаў: “Каб мог, панёс бы яго на сваёй далані ў Парыж...”
Кожны крывіч, кожны беларус носіць Вільню ў сваёй душы. А ўсё, што жыве ў душы, не разбураецца, не руйнуецца, яно непадлеглае нават бязлітаснаму часу.
...Некалі гасцяваў я ў Геворга Эміна, у ваднаго з самых любімых паэтаў Арменніі. З вакна ягонага ўтульнага жытла добра відаць Арарат – святарная гара армянскага народу. Як жывая. Здаецца, можна прыпасці да падножжа, адчуць вольніцу вятроў і халадэчу снягоў. А даводзіцца толькі позіркам кунежыць вяршыню, чыстую й высокачолую...
І так якое ўжо засмучанае пакаленне мілуе вачыма Арарат, жывіць душу напамінам і сподзевам...
А мне адразу ўсплыла Вільня – пупавіна нашае самаснасці, калыска беларускай дзяржаўнасці, радзіма беларускага друкаванага слова, тая гара, якая высіць нас у Еўропе.
Вільню чуе наш слых, Вільню бачыць наш успамін, Вільняй б’ецца крывіцкае сэрца.
Для любові няма дзяржаўных межаў. Вільню ў нас ніхто не змог забраць, ніхто не здолеў адлучыць нас ад Вільні, бо яна жыве ў нас.
І летувісы прызналі нашую Вільню за сваю. Бо ад дабра дабра не шукаюць. Усцешна, што летувісы ганарацца нашай Вільняй, называючы яе сваёй, мянуючы яе Вільнюсам. Вільні на ўсіх хопіць!
Любоўю й пакланеннем трываляцца святыя месты ў вячніне.
І пакуль стаяцьме Вільня, у беларусаў будзе, што ўспамінаць, будзе, па чым сумаваць. Будзе жыць сподзеў!
1 сакавіка 2001 года
(Note: This writing originally appeared on the Belarusian PEN Centre Web site in 2001, but apparently is no longer there.)