Назад да Анталёгii
Рукi Назад!...
Славамiр Адамовiч
"Рукi назад!" - ты iдзеш на допыт.
"Рукi назад!" - ты дзяржаўны злачынца.
"Рукi назад!" - набываеш вопыт.
"Рукi назад!" - i думка, як сьпiца,
пра тое, што там красавiк i суха,
дзяўчаты скiнулi тоўстыя гетры,
на крушнi яшчарка сушыць бруха
i пахне гудронам асфальт нагрэты.
З рукамi назад выводзяць на пляцык
трохкутнай формы - хадзi i думай
пра тое, як там дэфiлююць грацыi,
як там парлямэнт флiртуе з думай.
Пра радасьць успомнi, калi жанчына
цябе па-крывiцку любiла штоноч,
i вы любоў запiвалi "чын-чынам",
i сьлёзы сьветлыя беглi з воч.
А "рукi назад!" - гэта ўсё часова,
а "рукi назад!" - ня страшна, калi
табою валодае вечнае Слова
i памяць пра травеньскi пах ральлi.
21.04.1996
Назад да Анталёгii