Назад да Анталёгii
Ужо Даволi
Ларыса Генiюш
Ужо даволi нам стагодзьдзi
адну горыч пiць!
Боль i гора сваё годзе
ў Нёмане тапiць!
Устанем, крыўды нагародзiм,
запяём мы аб свабодзе,
станем вольна жыць!
Доўга мучыў вораг люты
ў капцюрох сваiх...
Голас волi ў сэрцах скутых
ўсё-ж ды не зацiх!
Ужо мiнае час пакуты,
паржавелi нашы путы,
сёньня скiнем iх!
Гэй, паслухайце з курганаў,
рыцары-браты!
Ужо ня сьцеляцца туманы
паласьсём густым,-
толькi сонца рве кайданы,
асьвячае, гоiць раны,
залацiць куты!
Што было - навукай будзе,
мы-ж пайдзём ўпярод!
Нашых сэрцаў не астудзiць
на'т сiбiрскi лёд!
Воля сiлай б'е у грудзi,
звонам веча клiча, будзiць
цэлы наш народ!
Хто з нас верным Краю сынам -
кажны ўздыме сьцяг!
Для крывавых каляiнаў
мала пачуцьця!-
мы з узьлётам сакалiным,
для любой нясём Краiны
дар свайго жыцьця!
Назад да Анталёгii