Назад да Анталёгii


Моладзi

Ларыса Генiюш
Гэй, зьбiрайцесь крывiцкiя дзецi
пад народны, пад горды наш сьцяг!
Воля Краю нам зоркаю сьвецiць,
яго шчасьце - у нашых руках!

Мы за волю крывiцкiх прастораў,
мы за спадчыну нашых дзядоў
аддамо, каб насыцiўся вораг,
жыцьцё наша i нашую кроў.

Але краю, што Нёман галубiць,
гэтых сэрцаў, што воляй гараць,-
ўжо ня будзе арол крывадзюбы 
да крывi пазурамi зьдзiраць!

Нам нястрашны сiбiрскi больш холад,
нам нястрашны маскаль або лях,
чужы серп непатрэбны, нi молат -
мы разгорнем крывiцкi наш сьцяг!

Нашы сэрцы гiмн родны зайграюць!...
Адгукнецеся сёлы ў вадказ!
Мы нясём жыцьцё наша для краю,
Мы нясём жыцьцё наша для вас!

Станем дружна ўсе брат каля брата,
абаронiм Краiну грудзьмi,
воля будзе вялiкай заплатай
за нягоды цяжкой барацьбы!
 

19??

Назад да Анталёгii