Назад да Анталёгii
Наш Сьцяг
Ларыса Генiюш
Ня слава Краю, ўздым магутны,
на'т ня шумелi мне сьцягi...
Заместа iх зьвiнелi путы
i цёмнай ноччу ланцугi.
Заместа водгульля Пагонi
яшчэ сягоньня, як крумкач,
у набалелым сэрцы звоне
жанчыны беларускай плач.
Дзявочы твар бляды ад жалю,
дзяцей спалоханы пагляд
i кроў братоў, што бунтавалiсь -
я толькi гэткi знаю сьцяг!...
За жар душы, што набалела,
за сэрца зораны агонь,
я, Божа, чуць хоць раз хацела-б
шум сьцягу вольнага свайго.
Калi Крывiцкая Зямлiца
мне сэрца гордае саўе,
а польны вецер расшумiцца,
на разьвiтаньне запяе, -
няхай разгорне свае крыльлi,
як стораж вечнага жыцьця,
хай зашумiць хоць на магiле
мне бел-чырвона-белы сьцяг.
19??
Назад да Анталёгii