Назад да Анталёгii
Маладая Беларусь
Янка Купала
Вольны вецер напеў вольных песень табе,
Бор зялёны ўзьняў дружным гоманам,
Сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе,
Зоры веру ўлiлi сiлам зломаным.
I ў час буры, нягод i вялiкiх надзей
Зацьвiла, расьцьвiла даўгажданая,
I крынiцай жывой над Айчынай сваёй
Паплыла, пацякла неспыняная.
Наплыла, пацякла з сьветлай казкай жыцьця,
Полем, лесам, гарой i далiнаю,
С свойскiх кветак-пралесак -- карона твая,
Ўся сама -- ясната лебядзiная.
Зiхацiш i гуслярнаю песьняй зьвiнiш,
Узьнiмаеш мiнуўшчыну даўную;
Час сягоняшнi ўперад iсьцi не пынiш
I глядзiш смела ў будучнасць тайную.
Сьмела ў сонцы iдзеш, як жывы агняцвет,
Сеяш ласкава сны залацiстыя;
Не пужае сумежны дакучны сусед,
Не пужае пуцiна цярнiстая.
Ад мяжы да мяжы, ад капца да капца
Абнаўленьня павевы расходяцца,
Абнiмае душу без гранiц, без канца
Мацi-радасьць, што лепшы дзень родзiцца.
ўжо ня так тапары у зялёным бары
Хвойкi валяць зiмой маразянаю,
ўжо ня так касары ад зары да зары
Летам звоняць касой адкляпаную.
Значан гарт у руках, чутна песьня бяз слёз,
Грудзi славы надзеяй калышуцца,
Ў кнiгi новы закон ёмка пёрамi з кос
Наўсяды людзьмi новымi пiшацца.
Расьцьвiтай жа, ўзьнiмай на арлiных крылах
Душы, сэрцы i думы заспаныя,
Вызывай, выклiкай на вялiкi працяг
Сiлу, ведзьмай-пятлёй не чапаную.
Высылай рассылаi, на край сьвет пасланцоў,
Як з гнязда сакалiнага сокалаў,
Хай лятуць, далятуць да байцоў-удальцоў,
Хаi грымяць весткай добраю ўвокала.
Годзе ў полi, ў лясах цi, старонка, i так
Сiратой начавала забытаю,
Годзе выпiў крывi з сэрца крыўды чарвяк,
Косьцi вецер тачыў непакрытыя.
Падымайся зь нiзiн, сакалiна сям'я,
Над крыжамi бацькоў, над нязгодамi,
Занiмай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад мiж народамi!
1913
Назад да Анталёгii