Назад да Анталёгii


Вырак Паўстанцкага Суда

Сяржук Сокалаў-Воюш
Чаму гэтак цiха? Цi тлустая скiба
Раты заляпiла, што голас аслаб там?
Цi нашыя бабы ў родных сялiбах
Дзяцей нараджаць развучылiся раптам?

Ня тлустыя скiбы - кавалак спакусны,
Ня бабы, што iншую долю спаткалi,
А выгук зьвярыны з забеленых вуснаў,
Што пырскалi сьлiнай ды юхай сьцякалi.

У выгуку тым - вынiшчэньне народа,
Упартых - фiзiчна, астатнiх - маральна,
Каб мы не згадалi нi племя, нi роду
Ня тут i ня там, у зямлi Зауральнай.

I край затаiўся зубром у засадзе,
А ведама здаўна, што зубр - не маруда.
Вось твар цудатворнай ў цудным абкладзе,
Малiся ж, чужак, спадзявайся на цуда!

А цуда ня будзе - уласнай крывёю
На сэрцы Радзiмы, што сёньня ў кратах,
Шыхты касiнераў, мужыцкiя воi,
На сьмерць асуджаюць забойцу i ката.

Калi ж абароняць злачынцу нябёсы,
Цi служак-сабак незьлiчоная зграя,
У дзецях прадоўжацца нашыя лёсы,
I вылюдка гэты прысуд пакарае!
 

Назад да Анталёгii